Прэтэнзіі на слана

 · Зместу на 1 хвіліну чытання

Тата-заяц

байка Кандрата Крапівы, 1935

Пасуцца па начах заўсёды коні нашы
З вясны да восені — даволі-такі часу.
Вось раз у досвітак на пашы
З кабылай аднаго калгаса
Сустрэўся Заяц каля куста,
I вельмі ўжо яму да густу
Прыйшлася гнедая кабыла.
Ну і яна яго нібыта палюбіла.
Не ведаю, за што ёй заяц люб,
Але ж ён хваліцца: — Фактычны,— кажа, — шлюб. —
Пачне смяяцца хто, дык Заяц пратэстуе, —
Быў шлюб нібыта не ўпустую:
Не болей як праз год
Ад шлюбу ёсць ужо прыплод —
Жарэбчык-сысунок буланы,
Такі рухавы, спрытны, слаўны
Вядома, Тата-заяц рад —
Бяжыць туды, сюды, назад
I пад сабою ног не чуе;
Сяброў, знаёмых і радню
Абабяжыць ён дзесяць раз на дню:
— Вам,— кажа,— сына паказаць хачу я.
Сабраў кумоў, братоў, сватоў
I паказаў ім з-за кустоў:
— Ну, гляньце,— кажа,— чым не я?
I хвост такі кароценькі, куртаты,
I шэрсць, і вушы, як у таты,
I спрыт жа мой, і выпраўка мая!
А кпіны слухаць там і розную брыду —
Ды ну іх,— кажа,— к ліху!
Я ім яшчэ не тое давяду:
Вазьму і палюблю сланіху.
— I давядзі! — зайцы крычаць.—
Даўно пара!
Качаць разбойніка! Качаць!
Няхай жыве! Ура!
Такі ж удалы маладзец!
Палюбіць ён, каго захоча.
Але калгасны жарабец
Тут раптам калі зарагоча…
I тата той, і сваякі
Разбегліся ва ўсе бакі.

Такія сярод нас — зусім не навіна.
Вы толькі заўважайце:
Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана,
Заслуг жа — як у зайца.

На здымках — вядомы кенгуру Роджэр.